March 06, 2026 - 1897 views
У Магілёве ў тэатры лялек паказалі спектакль пра расійскага цара Пятра I. Пастаноўка расказвае пра яго "дзяржаўныя дасягненні" і ролю ў гісторыі Расіі.
(І тут адразу ўзнікае лагічнае пытанне: а што, Магілёў ужо лічыцца Расеяй?)
Аднак у ёй амаль не ўзгадваюцца падзеі, якія для беларускіх і смаленскіх земляў мелі вельмі трагічныя наступствы.
У пастаноўцы таксама адсутнічае важны гістарычны факт, непасрэдна звязаны з самім Магілёвам.
У 1708 годзе падчас Паўночнай вайны войскі Пятра I, ужываючы тактыку выпаленай зямлі, спалілі Магілёў. У выніку былі знішчаныя жылыя кварталы, гаспадарчыя пабудовы і частка гарадской інфраструктуры.
Гісторыкі адзначаюць, што падобная тактыка тады выкарыстоўвалася і ў іншых гарадах беларускіх земляў.
Шэраг гарадоў і мястэчак на тэрыторыі тагачаснай Рэчы Паспалітай былі спустошаныя і часткова спаленыя. Гэтыя падзеі прынеслі людзям смерць, галечу і разбурэнні.
Паводле мясцовых гістарычных сведчанняў, па загадзе Пятра I былі спалены і Шумячы, а частка мясцовых жыхароў была знішчана падчас карных акцый. Гэтыя падзеі сталі часткай трагедыі, якую прынеслі імперскія войны на беларускія і смаленскія землі.
Адным з прыкладаў імперскай палітыкі стала будаўніцтва ў 1706 годзе так званай «засечнай паласы» - ваеннай лініі ўмацаванняў ад Полацка праз Смаленск да Бранска. Яна праходзіла праз землі сучаснай Смаленшчыны. На рацэ Шумячка быў пабудаваны адзін з фарпостаў - ваенны гарнізон з казармамі, складамі зброі і конюшнямі. Нагадваем, што у той час, менавіта па рацэ Шумячка, праходзіла мяжа, паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай.
Гэты фарпост кантраляваў пераход праз мяжу і фактычна ператварыў рэгіён у прыфрантавую ваенную зону. Мясцовыя жыхары апынуліся паміж арміямі, а іх землі выкарыстоўваліся як тэрыторыя для ваенных патрэбаў.
Для такіх паселішчаў, як Шумячы, гэта азначала не «абарону», а вайну, прымусовыя работы, канфіскацыю харчавання і пастаянную прысутнасць войска. У народнай памяці Пётр I застаўся як кіраўнік імперыі, чыя палітыка прынесла на гэтыя землі разбурэнні і гвалт.
Менавіта таму для беларускай гістарычнай памяці постаць Пятра I выглядае зусім інакш, чым у расійскіх падручніках. Тут ён успрымаецца не як герой, а як чалавек, чыя імперская вайна прынесла трагедыю многім гарадам і мястэчкам.
І калі сёння на сцэнах ставяць спектаклі пра "вялікага цара", варта памятаць і іншы бок гісторыі - той, дзе за імперскай славой стаяць спаленыя паселішчы, разбураныя лёсы і забытыя ахвяры.
Comments(0)